понедельник, 1 декабря 2008 г.

Айцец Яцэк Салій ОР. Ці так цяжка зрабіць грэх смяротны?

Каб заахвоціць да частай Камуніі, ксёндз гаварыў у казанні, што нялёгка зрабіць смяротны грэх, што такія грахі здараюцца ў людзей вельмі рэдка. На катэхезах мяне вучылі інакш. Адчуваю сябе так, як быццам хтосьці адзін з гэтых двух ксяндзоў мяне падмануў. Ці навучанне Касцёла аб смяротных грахах апошнім часам змянілася?


Навука Касцёла ў сваёй сутнасці не магла змяніцца, бо слова Божае выразна кажа: “Хіба не ведаеце, што няправедныя Царства Божага не атрымаюць у спадчыну? Не ашуквайце саміх сябе: ні блуднікі, ні ідалапаклоннікі, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы, ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п'яніцы, ні ліхамоўцы, ні драпежнікі - Царства Божага не атрымаюць у спадчыну” (1 Кар 6,9н; пар. Гал 5,21; Эф 5,5). У Апакаліпсісе сярод тых, якія не будуць дапушчаныя да Горада Божага названы таксама “кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду” (22,15).
У казанні, аб якім Вы ўспамінаеце, ксёндз у пабожным намеры, каб пераканаць да практыкі частай св. Камуніі, мог перабольшыць. Але яго аргументацыя магла таксама быць зусім згоднай са словам Божым. Мог гаварыць – дазваляю сабе на розныя домыслы, бо не чуў таго казання – напрыклад так: “Слухайце, калі хтосьці корміцца Целам Пана і стараецца, каб гэты сакрамэнт сапраўды быў крыніцай ягонай жыццёвай пазіцыі, тады менавіта немагчыма, каб яму здарыўся смяротны грэх. Такі чалавек надта глыбока ёсць звязаны з Хрыстом, каб дапусціць якую-небудзь істотную нявернасць”.
Той ксёндз мог захацець рассеяць неапраўданую баязлівасць, якая ўстрымоўвае людзей перад Камуніяй, і казаў хаця бы вось так: “ Не можа прыступіць да Камуніі аніводзін крыўдзіцель, чужаложнік, сейбіт  непакою, пакуль не перастане рабіць гэтае зло і не ачысціцца ў сакрамэнце пакуты. Аднак жа мы часта знаходзім грэх смяротны там, дзе яго няма. Часам, бывае, чалавек “чартыхнецца” ці прыйдзе яму да галавы непажаданая і непрынятая нячыстая думка, і ўжо яму здаецца, што нельга прыступаць да Камуніі”.
Евангелле вучыць нас, што толькі ў адным выпадку можна памяньшаць значэнне свайго граху: калі гэта спосаб, дзякуючы якому мы распазнаем у сабе грэх намнога большы, які мы дагэтуль не заўважалі. Кожны з нас павінен пытацца сам у сябе: ці выпадкова ў сваіх разліках з уласным сумленнем я затрымліваюсь на камарах, а тым часам не заўважаю вярблюдаў? І няма чаго дзівіцца, што ў такім кантэксце больш не звяртаем увагі на гэтыя камары. Ва ўсялякім разе, лічыць, што ў маёй студні, напэўна, аніводзін вярблюд не ўтапіўся, што нішто нядобрае маёй душы не атручвае – гэта аднак сведчыць аб занадта добрым нашым самапачуцці. Гэта так, як быццам бы казаць Хрысту, што калі б на свеце ўсе былі такімі справядлівымі, як я, то Ён не мусіў бы ані прыходзіць на гэты свет, ані паміраць на крыжы.
Дапусцім, аднак, што хтосьці ніколі не зрабіў ніводнага з тых учынкаў смерці, якія, на жаль, мы так масава здзяйсняем. Што не злоўжывае спіртнога і зусім не спрыяе спайванню іншых, што не выкарыстоўвае свайго становішча для дасягнення матэрыяльных карысцяў ані для сябе, ані для сваіх знаёмых, асабліва за кошт людзей бедных; што ніколі і ніякім чынам не паспрыяў знішчэнню чалавечага жыцця ва ўлонні маці, што нікому не дазволіў змусіць сябе да чынаў супраць сумлення, што не маўчаў, калі побач кагосьці бліжняга крыўдзілі, што не вісіць над ім цяжар сужэнскай нявернасці, што не апраўдваў сваіх блізкіх, калі яны выразна ламалі Божы закон. Калі хтосьці такі знойдзецца, я кланяюся яму з пашанай.
Дык вось, нават такому чалавеку я не адважыўся б сказаць: “Ты – чалавек святы! Ты, напэўна, не носіш у сабе смерці!” Бо чалавечае жыццё – гэта барацьба, а збаўлення мы мусім шукаць са страхам і дрыжэннем. Такому чалавеку хутчэй за ўсё трэба паказаць тэкст Пісання: “Дык вось бачыш дабрыню і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а дабрыню да цябе, калі жыць будзеш у дабрыні Божай, інакш і ты будзеш адцяты” (Рым 11,22). Корань зла сядзіць у кожным з нас, на жаль, глыбока і нават калі – гледзячы на добрыя ўчынкі чалавека – здаецца, што корань той ужо адмёр, належыць захоўваць пільнасць. Часам дастаткова бывае неспадзявана змяніцца акалічнасцям, каб гэты корань пачаў выпускаць парасткі і прыносіць свае нядобрыя плады.
Урэшце, што азначае прыстойнасць кагосьці або некага? Ці ж гэта значыць, што ён не грэшны? Трэба быць зусім без самакрытыкі, каб не заўважаць, як моцна нашыя добрыя ўчынкі прасякнуты чарвямі эгацэнтрызму, ляноты, такой ці іншай карыслівасцю. А колькі дабра ўжо ніколі не з’явіцца на гэтай зямлі таму, што менавіта я павінен быў яго зрабіць, а не зрабіў? Так, прыстойнасць – гэта вялікая справа, мала яе на зямлі, але нават назва прыстойнасць (пол. uczciwość) нясе на сабе нейкія прыкметы смерці.
Не думаю, што адыходжу ад тэмы. Вы ў мяне пытаецеся, якое зло з’яўляецца смяротным грахом або якія ўчынкі забараняюць чалавеку прыступаць да Камуніі. Я адказаў на гэта словамі Першага Паслання да Карынцянаў. Адначасова, аднак жа, развіваю думку, што ў прынцыпе кожны з нас носіць у сабе грозны зародыш смерці. Часам смерць раз’юшваецца ў маім нутры, і рэзультаты ейнага спусташэння відаць у маіх паводзінах, а я мяне гэта не надта трывожыць, бо якжа ж – я не п’яніца, не чужаложнік, не кінуў старых бацькоў.
Не, не вяду да таго, каб адгаворваць ад частай Камуніі. Наадварот, нам усім вельмі патрэбная гэтая Ежа, праз моц якой мы выходзім з краіны смерці і атрымліваем удзел у Божым жыцці, якое ўжо смерці не падпарадкоўваецца. На жаль, мы надта мала кормімся Божым Хлебам.
Разам з тым нам вельмі патрэбны якісьці святы страх, каторы паўстрымлівае перад Камуніяй. Аб гэтым малавата гаворыцца на сённяшніх амбонах. Не ў тым справа, каб да Камуніі прыступаць меньш, бо трэба прыступаць больш. Справа ў тым, каб прыступаць са страхам: я ж такі нягодны, такі лянівы ў выкананні Божай волі, дапускаю столькі нявернасці! Страх, аб якім я кажу, не павінен паралізаваць нас у дарозе да Хрыстовага Стала, ён мусіць нас мабілізаваць да духоўнага старання, каб да гэтага Стала прыступаць як мага больш годна. Прашу прабачэння, што выкарыстаю рэзкае параўнанне: Эўхарыстыя – гэта крыніца жыцця, таму мы павінны прыбліжацца да гэтай крыніцы, каб з яе піць, а не каб па ёй пляскаць і муціць яе.
Вельмі глыбокая інтуіцыя святога страху, аб якім мы тут кажам, была ў св. Маргарыты Марыі Алякок (1647 – 1690). Каго каго, а гэтую законніцу немагчыма падазраваць ані ў янсенізме, ані ў намеры паўстрымаць людзей перад Камуніяй. Яна з’яўляецца, як вядома, вялікай пашыральніцай ідэі частай Камуніі, як раз ад яе выводзіцца практыка дзевяці першых пятніц месяца. Дык вось, св. Маргарыта так апісвала свой голад Камуніі, а адначасова боязь перад яе прыняццем: “Я адчувала такі вялікі голад, каб прымаць Пана, аж не ведала, што рабіць, хіба што запрасіць свае вочы да плачу, а гэта зноў толькі павялічвала маё мучэнне… Нягледзячы на гэтае палаючае прагненне, якое мяне пякло, мой Божы Настаўнік даваў мне зразумець якая ж я нягодная прыняць Яго ў госці да свайго сэрца. Была гэта для мяне не меншая мука, чым першая, якая мяне прыспяшала, каб да Яго набліжацца. Гэта другая казала мне забыцца пра свае справы, а азірацца толькі на хвалу майго Бога. Таму хацела лепш тысячу разоў быць кінутай пад ногі Люцыфера, чым быць для Пана святыняй, у якой быў бы Ён зняважаны. Гэта былі два цярпенні, якія мяне несупынна мучылі… Часам гэты Божы Настаўнік засланяў вобраз маёй бядоты, каб мне паказаць вобраз сваёй любові. Тады я хацела, каб мне дазволілі прыняць Яго ў святой Камуніі, хаця б мусіла ісці босымі нагамі па палаючых вуглях… Я такую адчувала муку, каб гэты Хлеб Жыцця не быў спажываны нягодна. Адгэтуль, асабліва калі Пан мне паказаў, як з Ім кепска абыходзілася адна душа. Бачыла Яго ў ёй як бы скованага, таптанага нагамі і зневажанага, і кажучага да мяне: Глядзі як грэшнікі са Мной паступаюць!” (1)  
Задумваюся, як адрозніць здаровую, натхнёную Духам Святым, боязь перад Камуніяй ад боязі фальшывай. Крытэрыем адрознення з’яўляецца, пэўна, наступнае: Калі зза гэтай боязі чалавек пачынае прыступаць да Камуніі ўсё радзей, то гэта боязь фальшывая. Правільная боязь перад Камуніяй пазнаецца ў тым, што чым часцей чалавек баіцца сваёй нягоднасцю зневажаць Цела Пана, тым больш бачыць, як яму патрэбна гэтая духовая ежа, і стараецца яе прымаць як найчасцей.
Якраз такая ёсць логіка літургіі. Мы кажам: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне” – не для таго, каб уцячы ад Камуніі, але якраз каб да яе прыступіць.

(1) Духовы дзённік, Кракаў 1947, с. 135-137.

пятница, 24 октября 2008 г.

Айцец Яцэк Салій ОР. Каментарый да двух фрагментаў Евангелля.

Евангелле (Мц 13, 44–52):

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

З прыпавесці аб укрытым скарбе вынікае, што гэтага скарбу чалавек не купіў бы нават за ўсю сваю маёмасць. Пашчасціла яму толькі, што знайшоў гэты скарб, схаваны на раллі, і гэтую раллю ён можа купіць за сваю маёмасць. Заўважым, што гэты чалавек нічым не рызыкуе. Ён проста пераканаўся ў тым, што яму гэта сапраўды выгадна.

Што гэта за скарб, які нельга купіць? Гэта — любоў. Як гаворыцца ў Песні Песняў, «калі б хто аддаў за любоў усе багацці свайго дому, пагардзяць ім толькі» (8, 7). Каб здабыць любоў, трэба аддаць самога сябе. Усяго, што маеш, недастаткова, каб яе купіць. Але калі ўжо канчаткова закаранімся ў Божай любові, гэта будзе азначаць, што мы здабылі вечнае жыццё...

Богу трэба аддаць усяго сябе. Калі чалавек так зробіць, хутка пераканаецца, што нават на гэтай зямлі атрымлівае больш, чым меў перад гэтым. Калісьці Пётр – было гэта яшчэ тады, калі ён мала разумеў Божыя справы – запытаўся ў Пана Езуса: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што за гэта атрымаем?» (Мц 19, 27). Пан Езус яму адказаў: «Кожны, хто дзеля Майго імені пакіне дом, братоў або сясцёр, айца або маці, дзяцей або поле, у сто разоў больш атрымае і жыццё вечнае атрымае ў спадчыну».

Евангелле (Мц 14, 22–33):

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. І ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся. Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Езус прыйшоў да сваіх вучняў, каб выратаваць іх ад марской буры, паказваючы адначасова, што Яго любоў да нас сапраўды ўсёмагутная і яе не абмяжоўваюць нават законы прыроды. Ён можа і хоча прыйсці на дапамогу да кожнага з нас заўсёды, у тым ліку і ў такіх сітуацыях, якія людзям здаюцца безнадзейнымі. Аднак тое, што Езус крочыць па вадзе, мае і сімвалічнае вымярэнне. Стаячая вада сімвалізуе ў Старым Запавеце смерць, у той час як вада, што цячэ, сімвалізуе жыццё. Воды патопу былі водамі смерці. У часы Ноя людзі залілі зямлю сваімі грахамі і амаль усе патанулі ў сваіх грахах. Воды патопу прынеслі смерць, якую людзі самі наклікалі на сябе.

Водамі смерці, ад якіх Бог збавіў свой народ, былі таксама воды Чырвонага мора. У воды смерці быў укінуты і прарок Ёна... Аднак няма такога зла, ад якога Бог не змог бы нас вызваліць.

Апавяданне пра тое, як Езус хадзіў па вадзе, мае яшчэ больш глыбокі сэнс. Гэта як бы прарочае прадказанне таго, што павінна было здзейсніцца на Галгофе. Вось, сам Сын Божы прыйшоў на зямлю, якую мы залілі ўласнымі грахамі. На погляд чалавека, немагчыма, каб хтосьці выратаваўся ад смерці граху, бо грэх залівае ўсю зямлю. Уратавацца ад смерці граху было таксама немагчыма, як і хадзіць па вадзе.

Аказалася аднак, што Божы Сын не толькі не патануў у чалавечых грахах, але прайшоў праз гэтыя воды, не замачыўшы ног. Больш за тое, Сын Божы прыйшоў на зямлю менавіта дзеля таго, каб усіх нас вызваліць з водаў смерці і нават зрабіць здольнымі прайсці праз іх. Той, хто блізкі да Бога, хоць бы і трапіў у самую сярэдзіну буры зла, не загіне ў ёй, але ўратуе сваю душу. А калі б нават у нейкі момант нас ахапіла сумненне і мы пачалі тануць, трэба толькі з верай паклікаць: «Пане, ратуй!», і будзем вызваленыя.

Якое ж гэта вялікае суцяшэнне для нас, грэшнікаў, што нават калі часам наша слабасць будзе большай, чым наша вера, Езус і тады намі не пагарджае, а хоча падаць нам руку і ўратаваць нас. Толькі б мы імкнуліся быць блізка да Яго!

Пераклад з польскай мовы
айца Міхала Ермашкевіча ОР

Узята з сайта часопіса "Ave Maria".