пятница, 24 октября 2008 г.

Айцец Яцэк Салій ОР. Каментарый да двух фрагментаў Евангелля.

Евангелле (Мц 13, 44–52):

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

З прыпавесці аб укрытым скарбе вынікае, што гэтага скарбу чалавек не купіў бы нават за ўсю сваю маёмасць. Пашчасціла яму толькі, што знайшоў гэты скарб, схаваны на раллі, і гэтую раллю ён можа купіць за сваю маёмасць. Заўважым, што гэты чалавек нічым не рызыкуе. Ён проста пераканаўся ў тым, што яму гэта сапраўды выгадна.

Што гэта за скарб, які нельга купіць? Гэта — любоў. Як гаворыцца ў Песні Песняў, «калі б хто аддаў за любоў усе багацці свайго дому, пагардзяць ім толькі» (8, 7). Каб здабыць любоў, трэба аддаць самога сябе. Усяго, што маеш, недастаткова, каб яе купіць. Але калі ўжо канчаткова закаранімся ў Божай любові, гэта будзе азначаць, што мы здабылі вечнае жыццё...

Богу трэба аддаць усяго сябе. Калі чалавек так зробіць, хутка пераканаецца, што нават на гэтай зямлі атрымлівае больш, чым меў перад гэтым. Калісьці Пётр – было гэта яшчэ тады, калі ён мала разумеў Божыя справы – запытаўся ў Пана Езуса: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што за гэта атрымаем?» (Мц 19, 27). Пан Езус яму адказаў: «Кожны, хто дзеля Майго імені пакіне дом, братоў або сясцёр, айца або маці, дзяцей або поле, у сто разоў больш атрымае і жыццё вечнае атрымае ў спадчыну».

Евангелле (Мц 14, 22–33):

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. І ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся. Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Езус прыйшоў да сваіх вучняў, каб выратаваць іх ад марской буры, паказваючы адначасова, што Яго любоў да нас сапраўды ўсёмагутная і яе не абмяжоўваюць нават законы прыроды. Ён можа і хоча прыйсці на дапамогу да кожнага з нас заўсёды, у тым ліку і ў такіх сітуацыях, якія людзям здаюцца безнадзейнымі. Аднак тое, што Езус крочыць па вадзе, мае і сімвалічнае вымярэнне. Стаячая вада сімвалізуе ў Старым Запавеце смерць, у той час як вада, што цячэ, сімвалізуе жыццё. Воды патопу былі водамі смерці. У часы Ноя людзі залілі зямлю сваімі грахамі і амаль усе патанулі ў сваіх грахах. Воды патопу прынеслі смерць, якую людзі самі наклікалі на сябе.

Водамі смерці, ад якіх Бог збавіў свой народ, былі таксама воды Чырвонага мора. У воды смерці быў укінуты і прарок Ёна... Аднак няма такога зла, ад якога Бог не змог бы нас вызваліць.

Апавяданне пра тое, як Езус хадзіў па вадзе, мае яшчэ больш глыбокі сэнс. Гэта як бы прарочае прадказанне таго, што павінна было здзейсніцца на Галгофе. Вось, сам Сын Божы прыйшоў на зямлю, якую мы залілі ўласнымі грахамі. На погляд чалавека, немагчыма, каб хтосьці выратаваўся ад смерці граху, бо грэх залівае ўсю зямлю. Уратавацца ад смерці граху было таксама немагчыма, як і хадзіць па вадзе.

Аказалася аднак, што Божы Сын не толькі не патануў у чалавечых грахах, але прайшоў праз гэтыя воды, не замачыўшы ног. Больш за тое, Сын Божы прыйшоў на зямлю менавіта дзеля таго, каб усіх нас вызваліць з водаў смерці і нават зрабіць здольнымі прайсці праз іх. Той, хто блізкі да Бога, хоць бы і трапіў у самую сярэдзіну буры зла, не загіне ў ёй, але ўратуе сваю душу. А калі б нават у нейкі момант нас ахапіла сумненне і мы пачалі тануць, трэба толькі з верай паклікаць: «Пане, ратуй!», і будзем вызваленыя.

Якое ж гэта вялікае суцяшэнне для нас, грэшнікаў, што нават калі часам наша слабасць будзе большай, чым наша вера, Езус і тады намі не пагарджае, а хоча падаць нам руку і ўратаваць нас. Толькі б мы імкнуліся быць блізка да Яго!

Пераклад з польскай мовы
айца Міхала Ермашкевіча ОР

Узята з сайта часопіса "Ave Maria".

3 комментария:

  1. Шаноўныя айцы й браты капуцыны, што адмініструюць гэтую старонку! Разумею, што пытанне наконт "Каментару да двух фрагментаў Евангелля" лепш было б задаць аўтару... Але, можа быць Вы таксама патлумачыце. Гэта удакладняючае пытанне. Як разумець такое спалучэнне:спачатку аўтар піша - "Стаячая вада сімвалізуе ў Старым Запавеце смерць, у той час як вада, што цячэ, сімвалізуе жыццё", а потым - "Воды патопу былі водамі смерці" і далей пра тое, што водамі смерці былі таксама і воды Чырвонага мора... Ці ж патоп і бурлівае мора - гэта не тая вада, што "цячэ"? Ва ўсялякім выпадку - гэта не стаячая вада дакладна. Дык як усе ж такі разумець семантыку вады ў Бібліі? Ці - дакладна ў гэтым урыўку, бо, разумею, на папярэдняе пытанне патрабуецца даволі грунтоўны адказ.Дзякуй.

    ОтветитьУдалить
  2. Вітаю на Радіме!
    Разьмяшчаю Ваш сайт(адрас) у сваім блогу...
    Жадаю посьпехаў і здароўя!

    ОтветитьУдалить
  3. Паспрабую адказаць так, як умею. Вада, якая цячэ - гэта рака, крыніца, ручай. Стаячая вада - гэта возера, мора, сусветны патоп. Напрыклад, мора - хоць яно і бушуе, але ж нікуды не цячэ. Воды патопу - хоць яны і сцяклі з неба, але потым менавіта "стаялі" 40 дзён губячы ўсё жывое.

    ОтветитьУдалить